epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Колас

Коласу - вырасціць жменю зярнят.

Максім Танк

 

Шуміць авёс, звініць ячмень,

І верыш ты ахвотна,

Што каласы цалюткі дзень

Красуюць бесклапотна.

 

Ты працай дзень распачынаў,

Пацеў пад сонцам летам,

А коласу як быццам спраў

Няма. Няпраўда гэта.

 

Ты, з працы ідучы, прыкмець

Ягоную работу, -

Вусамі ён варушыць ледзь,

Ён мокры ўвесь ад поту.

 

Не проста ён глядзіць увысь

На светлыя аблокі,

А знізу ўверх, а зверху ўніз

Свае ганяе сокі.

 

Ён з глебы гоніць кропляў шмат,

Іх грэе на праменні,

Бо трэба вырасціць зярнят

Яму не меней жмені.

 

Ён ловіць сонечны прамень,

Нябеснай рад вадзе ён,

Так напрацуецца за дзень,

Што ночку ўсю пацее.

 

Ні днём, ні ноччу ад турбот

Спакою ён не мае.

А раніцою з твару пот

Ён сонцам выцірае.

 

1946

 


12.11.1946

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая