epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Крылы

 

Я пакідаў маленства край,

Дзе жыў жыццём вясёлым,

Прыйшла і мне чарга бывай

Сказаць лясам і долам.

 

Глядзелі зоры на мяне

Здалёк, як на другога,

Нібы за жорава мяне

Лічылі маладога.

 

Глядзелі з вокнаў аганькі

Мне ўслед з трывогай шчырай,

Нібы ў далёкі і цяжкі

Я падымаўся вырай.

 

Зямля шаптала мне - ляці,

Спяшайся, жораў ранні,

Цябе чакаюць у жыцці

Усе выпрабаванні.

 

Яны стаяць за радам рад:

З крыві, агню, з жалеза.

Ляці! Няма шляхоў назад

Да салаўёў і бэза.

 

Адчуў я прагу вышыні,

Зямля дала мне сілы,

Мяне ўзнялі юнацтва дні -

Майго адлёту крылы.

 

Свіст кулі чуў я на вайне,

Штык не здымаў з вінтоўкі.

Там, нібы з жорава, з мяне

Ляцела пер'е толькі.

 

Дзе ні праехаць, ні прайсці -

Я поўз, я лез, упарты.

Я не шкадую! Дзесяці

Не бітых біты варты.

 

Каб нават я забіты лёг

На дно сырой магілы,

Скарыцца б і тады не змог,

Свае не склаў бы крылы.

 

Я б зажадаў яшчэ зазнаць

Адно выпрабаванне -

З магілы ўстаць, хоць цяжка ўстаць,

Каб зноў убачыць ранне.

 

Адмыў бы я імглу з вачэй

У ручаі самохаць,

Зямлю атрос бы, каб людзей

Зямлёю не палохаць.

 

Рвануўся б з месца, каб набраць

Паветра ў грудзі й жылы.

...Няхай ляцяць, ляцяць, ляцяць

Майго юнацтва крылы!

 

1945

 


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая