epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Перад падарожжам

 

Агонь начлежны смаліць вецце,

Скубе мурог падбіты конь,

А я апошняга трохлецця

Дзень кожны кідаю ў агонь.

 

Я быў шуканнем ашуканы,

Дарогай у палон узят.

Не я - мой конь непаслухмяны,

Непадкаваны вінават.

 

Лясы б маіх блуканняў высеч,

Распяцца б на крыжы хваін

За сотні дзён, за сотні тысяч

На вецер пушчаных хвілін.

 

Адзін здабытак мой - пакуты,

Што сівізной ляглі на скронь.

Не лёд душы, а боль пякучы

Я ў прагны кідаю агонь.

 

Палю я рэшту дзён мізэрных,

Але не за цяжкія іх

Шуканні вернасці ў няверных,

Святой любові ў несвятых.

 

І не за тое іх палю я,

Што абпаліўся жорстка сам,

Што больш за марай не палюю,

Гадоў на марнасць не аддам -

 

Палю з рашучасцю суровай,

Каб сталь з іх выплавіць да дня,

Загартаванаю падковай

Надзейна падкаваць каня.

 

Палае горан мой у соснах,

Куецца ў ім дарожны дух

Для горных круч, для хваль высозных,

Для самых грозных завірух.

 

1961

 


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая