epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Пра восень

 

Замаўкаюць птушыныя звонкія спевы,

Калі восень прыходзіць у край наш лясны,

І, як свечкі, вакол ярка ўспыхваюць дрэвы

На праводзінах лета, на памінках вясны.

 

Там, дзе восень ідзе, лес шумлівы радзее,

Вецер гоніць хмарыны з-за цёмных ялін.

Грозны чуючы сівер, лісты, як надзеі,

Аблятаюць на дол з пачарнелых галін.

 

Я, ўлюбёны ў жыццё, не скаруся пагрозе

На праводзінах тых, на памінках старых.

Выйду з лесу і стану ў зімы на парозе

Дрэвам я, што лістоў не губляе сваіх.

 

Я трымаў іх з вясны, да вясны датрымаю,

Не развею па свеце, не кіну ў бяду,

Дружным пошумам іх новы май прывітаю

І з адзінаю просьбай на дол упаду:

 

- Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,

Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі

І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі

Над маёй адшумеўшай вясной запалі!

 

1956

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая