epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Шэршні

 

Мы хадзілі некалі сюды

Насыпаць у кайстры жалуды.

Потым ты сядзела пад дуплом

Гаспадыняй,

Я - гаспадаром.

Жалудоў дзве кайстры -

Твой пасаг...

Гралі шэршні-майстры

На басах.

Пад равеснікам суровых

Продкаў

Чай пілі мы з жалудовых

Сподкаў.

А цяпер? Мінуўся гульняў час,

Сподкі замалыя ўжо для нас,

А дупло для нас зацесны дом:

Цёмна ў ім,

Не свеціць ён агнём.

Мы з табою хітрымі былі,

Раскідалі попел па зямлі,

Пахавалі сподачкі ў траве,

Хто цяпер у доме тым жыве?

Мусіць, шэршні там звілі гняздо

І гудуць, гудуць. Я знаю хто.

То гудзе мой сум. Ён сёння злосны,

Ён ляціць.

(Заходзіць сонца ў сосны.)

Злосны ён ад нашых стрэч, ад згадак.

Вечарэе.

Полем крочыць статак.

Сум ляціць. А па вачах яму

Б'е трава высокая, касая;

Ён бадаецца, кароў кусае.

Як і мне, і ім маркотна:

- Му...

 

Ліпень 1939 г.

 


ліпень 1939

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая