epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Сланечнік

 

Сланечнік нам у твары дыхаў цветам,

Мы прыкмячалі летняю парой,

Што ён штодня за сонцам водзіць следам

Сваёй агністай, жаркай галавой.

 

Што першым ён прыход яго вітае,

І апаўдні стаіць з ім твар у твар,

І першым долу галаву схіляе,

Як коціцца за лес агністы шар.

 

Ён так стамляўся, наш сланечнік мілы,

Так шчыра сустракаў ён ночы цень,

Як быццам два крутыя небасхілы

Ён разам з сонцам абышоў за дзень.

 

У сінь нябёсаў просіцца нямала

Сланечнікаў. І верыць я гатоў,

Што гэта сонца так параскідала

Па ўсёй зямлі малых сваіх братоў.

 

1946

 


13.11.1946

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая