Аркадзь Смоліч (1891–1938) – дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі. У 1927 г. стаў першым беларускім прафесарам геаграфіі.
"Геаграфія Беларусі" Аркадзя Смоліча – вучэбны дапаможнік, адначасова – навуковы твор і жывы, пранікнёны аповед пра беларускую зямлю, яе прыроду, гаспадарку і народ. У свой час яна атрымала шырокае грамадскае прызнанне, стала незаменнай крыніцай радзімазнаўства і самапазнання беларусаў. У кнізе прыводзіцца не толькі геаграфічнае апісанне краіны ў яе этнаграфічных межах, але і падрабязная характарыстыка ўсіх рэгіёнаў, гарадоў і найбольш адметных месцаў. Асноўную мэту выдання аўтар вызначыў у эпіграфе да кнігі: “Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў”. “Геаграфія” А. Смоліча і цяпер застаецца непераўзыдзеным узорам навукова-папулярнага апісання беларускай зямлі.