epub
 
падключыць
слоўнікі

Арсень Ліс

[Без загалоўка] (прадмова да кнігі Я.Багдановіча)

 

Яшчэ зусім нядаўна, прыехаўшы ў Вільнюс, менчук ці горадзенчук, неабыякавы да роднай гісторыі, мог адбыць незвычайную вандроўку ў даўнюю Вільню разам з Янкам Багдановічам. Быў дзядзька Янка, пачцівы Ян Антонавіч, незаменным правадніком па беларускіх мясцінах у гэтым старажытным горадзе. Вядома, і той-сёй іншы са старэйшых, а цяпер і маладзейшых вілянчан-беларусаў можа вам нямала расказаць, паказаць, напрыклад, двор бурмістра Бабіча, дзе некалі пэўна, мясцілася гістарычная сягоння Друкарня Францішка Скарыны, Лукішскі пляц з навакольнымі мурамі, якія, здаецца, хаваюць рэха апошняга воклічу Кастуся Каліноўскага, і, ведама ж, памяшканне рэдакцыі «Нашай Нівы»...

Але хіба ніхто з даўнейшых, ацалелых тут пасля войнаў, нягод, арыштаў-пераарыштаў, старых інтэлігентаў не мог так наглядна, падрабязна, з высвятленнем лёсаў людскіх распавесці пра беларускае культурна-грамадскае жыццё ў Вільні 20—30-х гадоў. Было ў Янкі Багдановіча да многага, што дзеялася тады ў гэтых старадаўніх мурах, асабістае дачыненне.

Нягледзячы на свой пажылы век, Ян Антонавіч заўсёды вельмі жвава збіраўся і выпраўляўся з вамі ў Вільню сваёй маладосці. Быў увесь сама зычлівасць, свяціўся радасцю, што можа падзяліцца запаветным і, на шчасце, патрэбным нам, земляку. Вы траплялі з ім у Базыльянскія муры, дзе былі некалі Віленская беларуская гімназія і Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Тут Янка Багдановіч, сірата з вёскі Гірбяняты, што каля Вішнева на Валожыншчыне, жыў у дзіцячым прытулку «Золак», вучыўся ў гімназіі якраз тады, калі ў ёй выкладалі вядомыя ў беларускім адраджэнні людзі — Максім Гарэцкі, Аркадзь Смоліч, Антон Грыневіч, Сяргей Паўловіч, Рыгор Шырма. На колішняй Людвісарскай дзядзька Янка паказваў будынак беларускай друкарні даваеннай пары, якая насіла імя Ф. Скарыны. Былы яе друкар Янка Багдановіч мог нямала ўспомніць пра працу, што тут колісь кіпела. У тым ліку згадаць, як некалькі хлопцаў у 1929 г. пачалі тут рыхтаваць ды пускаць у свет часопіс «Шлях Моладзі». Час быў суровы. Аўтарытарны рэжым наступаў на правы народа, сацыяльныя, палітычныя, нацыянальныя. Тым важнейшае значэнне набывалі розныя формы супраціўлення. У заходнебеларускую вёску, прыціснутую падаткамі, паліцэйскім прыглядам, наступам розных дзяржаўных арганізацый тыпу «Strzelec», «Kolo mlodziezy viejskiej» важна было кінуць слова праўды, спагады, непакоры. Выдаўцы «Шляху Моладзі» на тытульным аркушы часова як дэвіз маладых адраджэнцаў выпісалі словы Янкі Купалы:

 

Падымайся з нізін сакаліна сям’я

Над крыжамі бацькоў, над курганамі,

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між славянамі.

 

І згодна з ім здзяйснялі даволі шырокую палітычную праграму. Стала напаміналі народу пра яго высокія палітычныя ідэалы. Будзілі гістарычную памяць. Змагаліся з наступам паланізацыі на заходнебеларускія землі. Інфармавалі пра асноўныя падзеі беларускага грамадска-палітычнага і культурнага жыцця, пра яго здабыткі і страты па абодва бакі польска-савецкай граніцы.

Часопіс зазнаў нямала рэпрэсій (канфіскат) з боку польскай адміністрацыі, а яго рэдактар Мар'ян Пяцюкевіч, дарэчы, даволі вядомы заходнебеларускі этнограф і публіцыст, выдавец Янка Багдановіч няраз вымушаны былі адказваць перад судом, несці растраты. А тым часам «Шлях моладзі» няблага пайшоў у народ, думкі, пашыраныя яго супрацоўнікамі, знаходзілі жывы водгук у заходнебеларускай вёсцы, аб чым можна было меркаваць з шматлікіх карэспандэнцый, якія і атрымлівалі «прапіску» на ягоных старонках. Пераадольваючы матэрыяльныя цяжкасці, праследаванні, часопіс пратрываў больш за дзесяць год, гуртуючы вакол сябе моладзь, адстойваючы ў суровыя трыццатыя гады нязменную беларускую пазіцыю.

У «Шляху моладзі» Янка Багдановіч выступаў з нататкамі, вершамі, апавяданнямі. Друкаваўся пад уласным прозвішчам і пад псеўданімам Янка Ваўштольскі. Між іншым ён адзін з першых у беларускім друку шырэй асвятліў такую драматычную старонку з жыцця нашага народа перыяду першай сусветнай вайны, як бежанства. З нарысаў аб бежанскіх пакутах выгнаных вайною ў свет сялянскіх сем’яў і пачынаецца кніжка ўспамінаў Багдановіча. Уважлівы чытач знойдзе ў ёй нямала сведчанняў аб беларускай долі-нядолі з даваенных гадоў, з жыцця беларускай інтэлігенцыі розных палітычных поглядаў, яе штодзённую, будзённую працу, асветленую, аднак, нечым большым, чым толькі дбанне пра кавалак хлеба.

Наогул жа асвятленне жыцця Віленскай беларускай гімназіі, са сцен якой выйшла многа людзей паважна заслужаных у жыцці свайго народа, роспавед пра Друкарню Францішка Скарыны ў Багдановіча зроблены месцамі на ўзроўні бытавой свядомасці. Часам успаміны носяць беглы, паспешлівы характар. Часам нешта недагаворваецца, хоць адчуваецца, і, пэўна, не ў аднаго мяне, а і іншых, хто асабіста ведаў Янку Багдановіча, такое ўражанне: памятаў ён намнога больш, чым выказваў на паперы. Можа, прычынай таму быў час, калі пісаліся мемуары,— 70-я гады. Відаць, нельга не ўлічваць і таго факта, што, будучы аптымістычным па натуры, гранічна шчырым, Янка Багдановіч — усё ж чалавек нялёгкага лёсу. Пра гэта чытач даведаецца з яго мемуарных запісаў. Аддаваную на суд чытача кніжку ўспамінаў завяршаюць педагагічныя нататкі. Так склаліся грамадскія абставіны, што большую частку свайго жыцця Ян Багдановіч аддаў дзецям, працуючы па вайне ў віленскіх польскіх школах. Думаецца, аднак, што асаблівую грамадска-пазнавальную каштоўнасць уяўляюць перш за ўсё яго ўспаміны з даваенных часоў. Даследчык, белетрыст і проста дапытлівы чытач знойдуць на старонках кнігі нямала цікавага і карыснага, што датычыць шляхоў і лёсу беларускай інтэлігенцыі.

На вялікі жаль, Ян Антонавіч Багдановіч не дачакаўся сваёй кнігі: 15 ліпеня 1990 г. на восемдзесят чацвёртым годзе жыцця яго не стала. Наша разуменне, спагада, удзячнасць зачаста позняцца.

Арсень Ліс


1992

Тэкст падаецца паводле выдання: Багдановіч, Янка. На жыццёвым шляху: Успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1992. - с. 3-6
Крыніца: скан