epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Апошні дзень другой сусветнай

Памяці Героя Савецкага Саюза старшыны 1-й стацці Мікалая Галубкова

Я з вышыні гадоў,

нібы з гары,

гляджу ў далечыню свайго юнацтва.

І хвалі жаўтаводай Сунгары

мне ўсё часцей і мрояцца і сняцца.

 

Вінюся я тады перад сабой,

што ваблюся на дробныя спакусы...

І ўспамінаю зноў

кароткі бой

за горад з цьмянай назваю —

Цзямусы.

 

На бераг сходня выкінута ўраз.

І раптам месяц выплыў з хмарнай сховы.

— Схаваўся б лепей! Ён зусім не ў час! —

пачуўся голас Колі Галубкова.

Спявак найлепшы. Першы жартаўнік.

І прыгажун. Як гюйс матроскі, вочы.

І тут ён

самы першы

ў цемры знік,

за іншымі хавацца неахвочы.

Дэсант сышоў на бераг.

І было б

усё як след.

Адна, другая сопка.

У гэты момант

проста нам у лоб

загаварыла агнявая кропка.

Адкуль узяўся гэты чортаў дот?

У ім і не дастанеш самурая...

А сярод нас

злюцелы кулямёт

чарговую ахвяру выбірае.

Ды Коля Галубкоў

у поўны рост

устаў.

І упаў,

падкошаны знямогай...

Яго жыццё пралегла,

нібы мост,

між намі і ўжо блізкай перамогай.

Крывёю захлынуўся кулямёт,

прыдушаны цяжкім і дужым целам.

І толькі стужкі чорныя ўразлёт

шматаліся пад ветрам ашалелым...

Яго прынеслі верныя сябры

на карабель.

І слёзы напрыкметна

каўталі моўчкі ўсе.

А з-за гары

ўставаў

апошні дзень

другой сусветнай...

І кожны раз, калі я над сабой

свой найвышэйшы суд

вяршу сурова,

я ўспамінаю той

кароткі бой

і маладога

Колю Галубкова.