epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Балада пра бесказырку

Несамавіты.

Невысокі ростам.

Семнаццаці на выгляд не дасі.

Ён не служыў на караблях матросам.

Ён проста быў сапраўдны адэсіт.

 

На рубяжы іх засталося мала.

Апошніх прыбіраў смяротны вір.

І крыкнуў ён:

— Бывай, Адэса-мама!..

І бесказырку ссунуў набакір.

 

Дзе ён пазычыў тую бесказырку?

У бацькі,

ў брата?

Якары ўразлёт.

На чорнай стужцы

весела і зырка

зіхцелі словы:

«Чарнаморскі флот»...

Бушлаты расхінуўшы,

чарнаморцы

пайшлі за ім.

І — хоць страляй,

хоць рэж!

Бо ведалі,

што іх рубеж на горцы —

апошні перад горадам рубеж.

Іх завіруха вогненная змяла.

Хоць кожны біўся да канца.

Як чорт.

І плакала на параходзе мама,

што сын малодшы не прыбег у порт...

 

Ляжыць пад шклом музейным бесказырка.

На стужцы надпіс:

«Чарнаморскі флот».

А побач з самай зорачкаю —

дзірка,

прасечаная куляй навылёт.