epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Балада пра ленінградскага музыку

Ён сам сабе

на пальцы квола хукаў.

Амаль празрысты.

І сівы.

Як бог.

Ён жыў у свеце

вобразаў і гукаў,

хоць як раней

зайграць ужо не мог.

 

У змроку

цьмяна аплывала свечка,

калі сірэнам дакучала выць.

З апошняй сілы

адчыняў ён вечка,

каб знойдзеныя гукі

ажывіць.

 

Запыленая дэка фартэп’яна

тырчала,

як зламанае крыло.

Мелодыяй,

дагэтуль не чуванай,

ён намагаўся

перасіліць зло.

 

Але аднойчы

вышчарблены клавіш,

што кожны раз

бязбожна западаў,—

«Каго ты ганіш

і каго ты славіш?..» —

надтрэснута

ў музыкі запытаў.

 

І нібы акрыяў на міг

музыка.

На гэты міг —

на момант усяго

да болю невыноснага,

да крыка

напялася мелодыя яго.

 

А нехта ўжо

упарта ў сценку грукаў.

Нібыта зноўку

артабстрэл грымеў...

Ён жыў у свеце

вобразаў і гукаў.

А нехта —

за сцяной —

не разумеў...

 

Ён быў музыка.

Можа — невялікі.

А можа — найвялікшы.

Суддзі — хто?

Апошнюю мелодыю музыкі

не чуў,

апроч суседа,

аніхто.

 

Ён жыў у свеце

вобразаў і гукаў.

І адышоў.

Як растварыўся ў іх.

І за сцяной

ужо ніхто не грукаў.

Той —

за сцяной —

ужо таксама сціх.

 

На Піскароўскіх могілках —

без ліку

пакладзена загубленых вайной.

Ніколі ўжо

не адшукаць музыку,

як і таго,

што грукаў за сцяной.

 

Усіх,

каго ў нябыт звяла блакада,

па імені

ніхто не назаве...

Здалося мне —

у гуках Ленінграда

мелодыя нязнаная жыве.