epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Балада пра марскі дэсант у Кактэбелі

Паміж каменяў шэрых,

каля вусця ракі,

непрыкметна пад бераг

падышлі маракі.

 

А вада — аж па грудзі.

Снег — шрацінамі ў твар.

— Хутка горача будзе,—

не маўчыць камісар.

 

— Нам бы тут зачапіцца

за грудок ці за схіл.

Войскі нашыя фрыцу

хутка выйдуць у тыл!..

 

І ракета рассекла

цемру — вогненны знак:

пачынаецца пекла

незлічоных атак.

 

— Гэй, марская пяхота,

як належыць удар!..

Да варожага дота

не дабег камісар...

 

Залпы глушаць і глушаць.

Рэха ў скалах гудзе.

Дзе ж падмога ім з сушы?

Не відаць. Не ідзе.

 

Чырванець пачынае

снегу свежага бель.

Нехта крыкнуў з адчаю:

— Каб табе,

Кактэбель!..

 

Садзяць, гады, з засадаў

па зямлі, па вадзе.

І няма ад снарадаў

паратунку нідзе.

 

Карабельнае рубкі

не відаць з-пад вады.

Шлюпкі, нібы шкарлупкі,

у абдымках бяды.

 

Б'юць і ў лоб, б’юць і скосу

міны, порачы змрок.

Паміраюць матросы,

а назад — ні на крок.

 

Паміраюць матросы,

ані кроку — назад.

Хто іх кінуў на ўцёсы,

даў смяротны загад?

 

Феадосія побач.

Недалёка і Керч.

Там таксама па робах

хвошча смерць,

нібы смерч.

 

Не паспела падмога.

Не прарвалася ў Крым.

А жывых — анікога.

Толькі кроў. Толькі дым.

 

Мора галькай стукоча.

Пенай пырскае ўзбоч.

Вечнай стала ім ноччу

навагодняя ноч.