epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Бяроза

То зусім пяшчотнай, то шурпатай

мне здаецца белая кара.

А гракі спрачаюцца заўзята:

ці пара ў адлёт, ці не пара...

Гай звініць пажоўклаю лістотай,

чорны дзень вяшчуючы садам.

І карціць мне падлічыць употай,

дзе ўжо больш —

наперадзе ці там.

Кожны раз,

як лісце на бярозе

пачынае долу ападаць,

я стаю, нібыта на парозе.

Што за ім — не дадзена ўгадаць.