epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Боль Чарнобыля

Чым гэты боль нясцерпны вымераць?

Ён не лягчэй за той — з вайны.

Ці можа край палескі вымерці

без аніякае віны?

 

Няўжо атрутны вецер выпетрыць

пачуцці нашы, мову, слых?

Няўжо не вернуцца дазіметры

да тых паказчыкаў — былых?

 

Няўжо абапал плыннай Прыпяці

лясы змарнеюць і палі?..

Усё стрываем, што ні прыйдзецца,

каб не застацца без зямлі;

 

каб жыта ў полі каласілася,

каб не радзеў лясоў гушчар,

каб над зямлёю не насілася

пагроза смерці ў плойме хмар;

 

каб катастрофа немагчымаю

была. Каб матухна Зямля

не ўпала, стаўшы Хірасімаю,

счарнелым яблыкам з галля.

 

Пакуль найгоршае не зробілі,

мір, толькі мір — жыцця пароль.

Неспадзяваны боль Чарнобыля —

зямлі папераджальны боль.