epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Чайкі

Ах, чайкі, чайкі!

Птушкі рамантычныя.

Усё забыта —

хвалі, караблі.

Ужо даўно ім стала справай звычнаю

хадзіць з гракамі разам па раллі.

Хаваецца ў глыбінях рыбка шустрая.

Як ні цікуй —

не ўхопіш аніяк.

А тут заўсёды —

то лічынка тлустая,

то жук, то проста дажджавы чарвяк.

І не на топе мачты —

на штыкетніку

з валлём напханым чайка адпачне.

Магчыма, неўзабаве і на сметніку

з варонамі раскашаваць пачне.

Да сытасці няцяжка прызвычаіцца.

Жыві на зайздрасць іншым — спакваля...

А я ўсё чую:

кліча чайка-чаіца

над самай стромкай мачтай карабля.