epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Хата Рыгора Барадуліна

Яна жыве,

нібы туга матуліна,

і смех дзіцячы тоячы і плач,

старая хата, хата Барадуліна —

сляза ўспаміну на шчацэ Ушач.

 

Рукамі аўдавелай мамы ўзведзена

замест гнязда,

што ўзяў агонь вайны...

А сын ня часта ездзіць у адведзіны —

па-новаму гняздуюцца сыны.

 

Чаканне — справа дужа ненадзейная.

Не дачакацца можна да канца.

І ўсё ж чакае жыта самасейнае

на дворышчы

руплівага касца.

 

Ды ападае долу зерне з коласа.

Парэчкі асыпаюцца з куста.

І тэлефон у хаце —

як без голасу.

І з пошты —

аніводнага ліста.

 

Ніхто і ў печы не напаліць з ранічкі.

Ссівелы попел —

як счарнелы снег.

Астыў загнетак,

дзе пякліся дранічкі,

абы сынок не нашча ў школу бег.

 

І раптам брамка зарыпела весела.

І крутануўся радасна замок.

Святло ў акенцы —

як агеньчык з крэсіва.

І голубам над комінам —

дымок.

І цеплынёю хата зноў атулена.

А цеплыня —

не колішні ўспамін.

Нарэшце да Куліны Барадулінай

прыехаў сын,

яе адзіны сын.