epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Да маці

Ехаць — не пераехаць

рэкі матчыных слёз.

Ты даруй, калі нехаць

сын гаркоту прынёс.

 

Толькі потым дазнаўся,

як журылася ты,

калі не адгукаўся

іншы раз на лісты.

 

Калі ў час той суровы,

ў франтавой малацьбе

не знаходзіў я словы,

каб суцешыць цябе.

 

Верай,

праўдай надзейнай

ты была мне ў вайну.

Што ж на свеце радней мне

за тваю сівізну?

 

І цяпер, калі часам

небяспека мільгне,

з ёй ніколі сам-насам

ты не кінеш мяне.

 

Углядаюся ў вочы —

слёз паўнюткі яны...

Што ж, паплач, калі хочаш.

Бачыш —

побач сыны.