epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Гуляюць дзеці ў вайну

З якім захапленнем

дзеці

гуляюць сёння ў вайну.

Гляджу —

і вось-вось, здаецца,

ў маленства сябе вярну,

каб рушыць — між самых смелых —

на штурм агнявой сцяны...

Мы білі ў маленстве белых,—

б'юць гітлераўцаў яны!

Такія ж у іх героі,

як нашы,— ўлюбёнцы мас.

Ды больш дасканалай зброяй

узброіў іх войска час.

Мы зналі — вінтоўкі, шашкі,

услаўленыя штыкі,

з якімі за шчасце наша

хадзілі на бой бацькі.

А тут...

Тут не ў цуд «кацюшы».

І танкаў не палічыць.

Б’е водгулле бою ў вушы,

хоць з вуснаў дзяцей гучыць.

Яно нагадала гукі,

якіх мне вавек не забыць...

Каго ж будуць нашы ўнукі

у войнах дзіцячых біць?

Якою найноўшай зброяй

узброіць іх новы час?..

Як боязна мне парою,

нашчадкі мае, за вас!