epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Іванаў вяз

Яе Іван быў як усе Іваны.

Муж. Бацька. І нарэшце — партызан.

Ён у магіле брацкай пахаваны,

яе адзіны між усіх Іван.

 

І гаравала з малалеткам-сынам.

І ноччу ўпотай плакала не раз.

Абодвум пра Івана напамінам

быў да вайны ім высаджаны вяз.

 

Вяз...

гэты вяз...

Не, ён не проста дрэва!

Ён — як асілак на сваёй зямлі.

Ані мароз, ні спёка, ні залева

яго жыццёвай сілы не звялі.

 

Бруяцца сокі пад карой шурпатай.

Гамоніць неўміручае лісцё.

І ўсё вышэй ён устае над хатай

не помнікам, а як само жыццё.

 

Ды хоць гады знікаюць беззваротна,

ўсё адчувальней з часам іх цяжар.

Ён памятае і агонь смяротны,

і папялішча неастылы жар.

 

Ён памятае светлы дзень вясновы

і ззянне пераможнага сяйва.

Ён памятае,

як падмурак новы

ўкладала партызанская ўдава.

 

Іванаў вяз...

На свеце ўсім — адзіны.

Няма ўжо і ўдавы...

Ды што з таго?

Ссівелаю бярозаю

Куліна

хінецца,

як у песні,

да яго.