epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Ялта. Сустрэча з паэтам

У скалах,

што сонцам паўднёвым прагрэты,

над морам,

ля самага ўскрайку зямлі,

мы доўга шукалі прытулак паэта,

пыталі,

блукалі

і ледзьве знайшлі.

Маўчаў ён.

Глядзеў невідушча ў прастору.

Нібыта ў музыкі, навостраны слых.

І пошум далёкі спічастага бору

пачуўся з-за пошуму хваляў сівых.

І тупат глухі старадаўняй пагоні.

І ў снежную вею званцы пад дугой.

А сонца кацілася мору ва ўлонне.

І поўніўся позірк паэта тугой.

Сказаць бы яму,

абудзіўшы з нябыту,

хоць голас, як вецер, раптоўна аціх:

ты ведаеш?

Песні Твае не забыты —

пра Зорку Венеру, пра слуцкіх ткачых.

'Гут цёплае мора.

Тут сонца.

Магчыма —

для хворага лепшых не знойдзеш умоў.

А ўсё-ткі — чужына.

А ўсё-ткі — чужына.

Не баўся, паэце.

Вяртайся дамоў.