epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Каб зноў...

Той, хто начальству не лагодзіць,

мне цікавей таго, хто рад

любому блізкаму нашкодзіць,

каб толькі выканаць загад.

 

Каб потым выпрасіць кватэрку

ці нешта іншае з выгод.

Каб спакваля рабіць кар’ерку —

хоць па прыступачцы штогод.

 

Каб, зрэшты, вырвацца наперад,

а можа, нават у вярхі.

Галоўнае — няўтольны верад,

лухта — і крыўды, і грахі!

 

А гэны? Гэны — недарэка!

Чаго ён хоча? Што вярзе?

Супроць такога чалавека,

супроць самога бой вядзе!..

 

Каб зноў у ціхі сон не збочыць,

давайце будзем шанаваць

таго, хто праўду рэжа ў вочы

і ў справе ўмее шчыраваць.