epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Каганец

Памяці К. Кастравіцкага

Нібы агеньчык каганца,

ліпіць ледзь-ледзь у небе зорка.

Ані крыжа, ані капца,

адно — сухога лісця горка.

 

Туды даўно сышоў паэт,

як пад страху апошняй хаткі.

І затапталі даўні след

яго няўдзячныя нашчадкі.

 

Ды як дакор, ды як папрок,

ды як нячутны крык сумлення,

адвечны працінае змрок

самотнай зоркі мігаценне.

 

А гэта значыць — не канец

і рунь праклюнецца з зярнятак.

Ліпіць далёкі каганец —

святла высокага пачатак.