epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

«Маdе in USA»

Балада

 

З-за гор суровых сонейка ўставала,

за перавал дарогу даўшы дню.

Дзяўчынка ў школу бегла

ўздоўж дувала.

Дзяўчынка ў школу бегла. Ўпершыню.

 

Яна была падобная да птушкі.

З іскрыстымі ад радасці вачмі.

Старанна ў косы ўплеценыя стужкі,

як крылцы, трапяталі за плячмі.

 

Тры крокі заставалася да ганка.

Хутчэй — каб не спазніцца — як мага...

Ды раптам цішу сонечнага ранка

рассекла аўтаматная чарга.

 

І сціхла ўсё.

Калі прыбеглі людзі,

усмешкаю яшчэ свяціўся твар.

І прыкрываў прастрэленыя грудзі,

як чысты бінт,

нячытаyы буквар.

 

Маўчалі ўсе. У горы. У здзіўленні.

Хоць і прывыклі да ахвяр і страт.

І ўпаў перад дзяўчынкай на калені

і вочы ў неба ўзняў старэйшы брат.

 

Каму яна зашкодзіла? Нікому.

Няўжо вучыцца — цяжкі грэх? Няўжо?!

Пад вечар людзі бачылі,

як з дому

ён вынес старадаўняе ружжо.

 

Ускочыў у сядло. І ўраз штосілы

пагнаў каня. Як ветру наўздагон.

І маці не ўтрымала, не спыніла.

Тут помста крэўная — святы закон.

 

Тры дні яго не бачылі, тры ночы.

Ды ведалі,

дзеля чаго ён знік.

І, да размоў дарэмных неахвочы,

маўчаў кішлак. Як горны ледавік.

 

Нарэшце капытоў пачуўся пошчак,

увесь народ сабраўшы з кішлака.

І перад самай школаю, на плошчы,

з сядла, як мех, ён скінуў мерцвяка.

 

Душман ляжаў. І ў гібелі — зацяты.

І мёртвы шчэрыў зубы.

З-пад крыса

выторквалася руля аўтамата

з вядомай маркай —

«Мade in USA».