epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Мічман Канарэеў

Ідзе па Пінску мічман Канарэеў —

у форме,

хоць даўно ўжо адстаўны,—

і ўспамінае, -

як кіпела Шпрэе

ў той майскі дзень,

апошні дзень вайны.

Крыху ўразвалку флоцкая паходка,

нібы па хісткай палубе ідзе

на караблі,

што ўпэўнена і ходка

ляціць у бой па ўспененай вадзе.

 

...Не моўк агонь варожых батарэяў.

Як люты звер,

ашчэрыўся Берлін.

І кінуўся на бераг Канарэеў.

За ім —

усе матросы.

Як адзін.

Праз дым і смерць іх клікала дарога.

Рывок...

Другі...

А колькі тых рыўкоў!..

На сценах з бою ўзятага рэйхстага

ёсць роспісы дняпроўскіх маракоў...

У вецці,

як у скрыжаванні рэяў,

зайшоўся вецер спевамі вясны.

Ідзе па Пінску мічман Канарэеў.

У форме.

Хоць даўно ўжо адстаўны.

І кожны стрэчны мічмана вітае.

Вядома ўсім —

услаўлены герой.

Святочна ззяе Зорка Залатая,

як кропелька,

пралітая зарой.

Выходзіць мічман на ўзбярэжак Піны,

дзе бранякатэр —

помнік ля ракі —

застыў,

на міг спыніўшы лёт няспынны

у вечнасць,

у наступныя вякі...

Старэюць людзі.

Памяць — не старэе.

Яе не закапаеш у жарству.

І мічманку здымае Канарэеў

і нізка нахіляе галаву.

Хіба забыць ён можа —

аніколі! —

матросаў,

пабрацімаў-карашоў,

з якімі браў Шацілкі,

Лоеў,

Столін,

якіх

пасля Берліна

не знайшоў?..

А сонца так па-майску сёння грэе.

Як і тады —

ў апошні дзень вайны...

Ідзе па Пінску мічман Канарэеў.

У форме.

Быццам ён —

не адстаўны.