epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Медалі

Я не начышчу медалі.

Яны мне тым ужо святыя,

што дым няроднае зямлі

уеўся ў іх бакі крутыя.

 

Я іх дастаў,

каб прыгадаць

тых дзён падзеі і надзеі.

Я з імі сам —

ні ўзяць ні даць —

на сорак год памаладзею.

 

Завалачэцца дымам даль,

шалёны вецер зноў завые

у мачтах...

Першы мой медаль

быў за заслугі баявыя...

 

Па гнуткіх сходнях мы бяжым,

хоць смерць сячэ

ва ўпор і скоса...

Дасюль на беразе чужым

ляжаць мае сябры — матросы.

 

Ім не ўручалі медалі,

высокіх зорак

не ўручалі.

Яны ж дарэшты аддалі

усё, што мелі. Там, дзе палі.

 

Калі заслугі — з баявых,

яны — заслугі, не паслугі.

У гонар мёртвых і жывых

салют малюе ў небе дугі.

 

Ідуць гады, што караблі.

То ў штыль,

то ў бурнай крутаверці.

Не стану чысціць медалі,

каб памяць даўніх дзён не сцерці.