epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Навабранцы ваеннай пары

Мы — навабранцы.

Толькі з эшалона.

Апранены хто ў што і абы-як.

Суровыя вайсковыя законы

яшчэ нас не прызналі за ваяк.

Як ціха тут!

Спакойна.

Хоць і хмарна.

Сняжынкі на траве, як на лязе.

Найпершая ў жыцці маім казарма —

барак дашчаны ў векавой тайзе.

Тайга...

Тайга...

Ані канца ні краю...

Хоць тут зямлі савецкай самы ўскрай...

Насілу ўзводны ў лазню нас збірае,

а там —

пасля цяплушак —

проста рай...

Я пакідаю клунак небагаты.

Стрыгуся як належыць нагало.

І старшына,

на зайздрасць зухаваты,

вядзе наш строй у новае жытло.

Адольвае хлапцоў патроху стома.

Жалезны ложак лепш усё ж ад нар.

І засынаюць многія, як дома,

забыўшыся,

што дзесь гудзе пажар...

Стэпавікі з бязмежжаў Казахстана.

З Урала маладыя казакі.

Хто юрту сніць

у мроіве пясчаным,

хто мазанку

ў станіцы ля ракі...

А мне запаў у сэрца сорак першы.

І Мінск.

І Магілёўская шаша.

З павек слязіну горкую ацершы,

я сам не плачу —

слёзы лье душа...

Упершыню ўставаць з пабудкай —

цяжка.

Прадраўшы вочы,

здзіўлена глядзім:

зрабілі паласатыя цяльняшкі

нас,

як блізнят,

падобнымі зусім.

І, нібы да вайны,—

і смех,

і жарты.

І кожны сам любуецца сабой.

І толькі потым,

хто чаго з нас варты,

пакажа,

як экзамен,

першы бой.