epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Не забыць

У сэрцы ён застаўся — Першамай.

Той — даўні.

Перад самай Перамогай.

Павесялелых птушак весні грай

над зрытаю снарадамі аблогай.

Яшчэ паўнеба засціў дым густы.

Яшчэ крывёй барвовіліся ранкі.

Яшчэ, нібы апалыя лісты,

на ўсход з франтоў ляцелі пахаванкі.

Яшчэ ахвяру возьме не адну

апошні бой, бязлітасны і грозны.

Ды кінутую танкам баразну

ужо раўнялі новыя барозны.

Яшчэ не чулі мы ўрачыстых слоў

аб міры, аб жаданай Перамозе.

Ды ладзіла гняздо сям’я буслоў

на абгарэлай, а жывой бярозе.

Яшчэ раўла гарматамі вайна,

і вораг агрызаўся зверам лютым.

Ды мірных птушак мірная вясна

ужо вітала бэзавым салютам.

І мы ўжо зналі:

хоць балючых страт

не ажывіць ніколі і нікому,

ды хутка грымнуць тысячы гармат

не смертаносным —

жыватворным громам

На плечы ўнука, дружа, узнімай.

Хай бачыць ён вясновыя разлогі.

...Нам не забыць

той даўні Першамай

прад самым Днём Вялікай Перамогі.