epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Нелегальны жыхар

У бяспечную зону адвезшы сям’ю,

шчасця ён пажадаў навасёлам

і вярнуўся ў палескую вёску сваю,

хоць і не заручыўся дазволам.

 

Спіць прыціснуты снегам чарнобыльскі пыл.

Спіць, як вораг пад коўдрай казённай.

Замест знака дарожнага —

шэры капыл

са шчытком:

«Забаронная зона!»

 

Гэта ж тут ён сівых валасоў дачакаў.

Тут струдзіў свае дужыя рукі.

Можа, вернуцца потым і сын, і дачка.

Можа, вернуцца некалі ўнукі.

 

Абудзіў наваколле з'інелы тапор,

нібы звон з вечавое званіцы.

І, цяпельца жытла прадчуваючы,

ў двор

заспяшаліся з лесу сініцы.

 

І адскочыла весела дужка замка.

І туга адышла, як аскома.

...Не заўважыў нібыта над хатай дымка

з павароткі

таварыш з райкома.