epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Пагоня

Пагоняй вытаптаны гоні.

Хоць сядзь на ўзмежку ды скуголь.

Хто ж уцякач?

А хто — ў пагоні?

І спаганяюць чынш —

з каго?

 

А ці не лепей далучыцца

і нам самім да той з пагонь,

што праз усе стагоддзі мчыцца,

з гадоў красаючы агонь?

 

Храпуць стрыножаныя коні.

Кілзай любога. І скачы.

Каб у бязлітаснай пагоні

звінелі словы, як мячы.

 

Але, адвыклыя ад сёдлаў,

сядзім. Хто глух. А хто і слеп.

Хоць добра ведаем, што подла

на танны спакушацца хлеб.

 

Мы ў долі ўласнай у прыгоне.

І, хоць сцягі мяняе час,

усё жыццё

то мы ў пагоні,

то нехта даганяе нас.