epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Пакінутая вёска

Нікога. Цішыня. Нібы віхура

прайшла, нагнаўшы першабытны страх.

Здзічэлы вецер белыя хаўтуры

спраўляе на заснежаных дварах.

 

Не рыпнуць дзверы ў выстылыя сенцы.

І клямка не паднімецца з цвіка.

Святло не ўспыхне ні ў адным акенцы,

і шыбы ўсе — як вочы мерцвяка.

 

Нідзе дымкоў над стрэхамі не бачна.

Не менее сцяна прамерзлых дроў.

Змарнелы ад бяскорміцы сабачка

стаміўся ўжо чакаць гаспадароў.

 

На маразы паказваюць прагнозы.

Ды не пакіне ён паста свайго.

Яму зусім няўцям, якія дозы

вышэйшай мерай стануць для яго.

 

Ён да канца адбудзе абавязак,

хоць не працягне, можа, і да дня.

...Яна страшней ад самых страшных казак,

нявызнаная гэта цішыня.