epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Пакуль не сышлі...

Пакуль паміж намі жывуць ветэраны,

спытайцеся ў іх аб мінулай вайне.

Яны не згадаюць пра ўласныя раны,

яны вам раскажуць аб слаўнай вясне.

 

Яны вас паклічуць да тых абеліскаў,—

што ў цішы снягоў ці ў маўклівасці траў...

І вам пакланіцца захочацца нізка

усім, хто сябе Перамозе аддаў.

 

На міг ветэран адхінецца спіною,

каб сцерці слязу патаемна ад вас...

І стане вам ясна, якою цаною

усё дасталося, чым стаўся наш час.

 

— Трымайся!..— шапне сам сабе ён упарта.

Зусім як калісьці, пад куляў выццё...

І стане вам ясна, чаго яно варта —

здабытае ў бітве смяротнай жыццё.

 

Як гояцца доўга балючыя раны...

Ад выбухаў памяць уздрыгвае ў сне...

Пакуль не сышлі на спачын ветэраны,

спытайцеся ў іх аб апошняй вайне.