epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Памяці Пятра Харкова

Ведайце: калі мяне не стане —

Я ў сваю дывізію пайшоў.

 

Аляксей Пысін

 

Я з Беларусі.

Ты — з Расіі.

Але былі мы як браты.

Адны дажджы нас арасілі,

адны асмужылі вятры.

Хоць не ў адной служылі роце

і нават не ў адным палку,

на флоце я,

а ты ў пяхоце

адну вяршылі талаку.

І сонца нам адно свяціла,

і праўда ў нас была адна,

калі на вернасць і на сілу

нас выпрабоўвала вайна...

І ўсе...

Ні вершаў больш...

Ні пісем...

Ані застольных спарышоў...

Ты,—

як сказаў калісьці Пысін,—

у часць вайсковую пайшоў.

На ўлік

у часці той вайсковай

усе узяты —

як адзін,

хто паў у бітве пад Масквою,

хто паў у бітве за Берлін,

хто лёг яшчэ на паўдарозе

і хто пазней ад ранаў злёг...

Ты быў з’яднаны з імі ў лёсе,

ты заставацца больш не мог.

Магчыма, нехта і ўсміхнецца,

і скажа:

— Гэтаму віной...

Не трэба. Годзе. Нашы сэрцы

даўно прастрэлены вайной.

Адзін ва ўсіх апошні адрас

з адзнакай даўняю — В/Ч.

І ў гэтым, можа, тая радасць,

што ў нас наперадзе яшчэ.

На абелісках промні граюць.

І абеліскі — не капцы.

Байцы зусім не паміраюць.

Не пакідаюць строй байцы.

Штогод ускрай былой дарогі

ўстаеш ты майскаю травой.

І ў дзень Вялікай Перамогі

салют грыміць і ў гонар твой.