epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Плача Прыпяць

Плача Прыпяць.

Як маці,

плача.

Слёзы ўсмоктвае жвір гарачы.

 

Плача Прыпяць:

— Мой сынку...

Бобрык...

і вясёлы ты быў...

і добры...

гэтак мірна бег па зямлі...

А завошта ж цябе звялі?!.

Там,

дзе ты

бестурботна цёк,

перасмяглы пяе пясок...

 

Плача Прыпяць.

Без слоў галосіць.

Нібы ў долі

патолі

просіць.

Трэба сэрца —

не вушы —

мець,

каб той плач яе разумець.

 

— Без цябе,

без цябе,

мой сыне,

сіла гіне

ў спрадвечнай плыні.

І мяне ўжо каторы год

пераходзяць улетку ўброд.

А цяпер яшчэ —

абвалоўваюць,

у магілу жыўцом закоўваюць.

Зноў заплачу я не з дабра:

не дабрацца мне

да Дняпра...

 

Мне б суняць гэты горкі плач,

мне б сказаць ёй:

— Прабач!

Прабач!..

 

А зямля,

нібы звон, гудзе:

— Быць бядзе!

Бо вайна ідзе!..

Экскаватараў абцугі

угрызаюцца ў берагі.

Наступае за валам вал,

каб забіць раку напавал.

 

І пачулася мне ўгары,

ў кроплі той,

што з-пад сонца ўпала,

плач балесны Амудар'і,

стогн знявечанага Арала.