epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Пра бюракратызм

Мы ўсе ахвотна ганім бюракратаў.

Бяспечна гэта стала акурат.

А хто хоць раз сваё сумленне кратаў:

— Магчыма,

сам я —

трошкі бюракрат?..

Звычайна бюракрата мы шукаем

між тых,

хто ў кабінетах —

за сталом.

А ён, бывае, раптам узнікае

і ў нас саміх —

амаль нябачным злом.

Прыйшоў на працу зранку не ў гуморы.

Адклаў на заўтра справу. І — забыў.

А мог зрабіць яе яшчэ і ўчора.

Тады і часу марна б не згубіў.

— Ну што з таго?

Ужо такія страты!

Дзяржава не збяднее з гэткіх страт...

Чакайце!

Вы пазналі бюракрата?

Тут вылузаўся чысты бюракрат.

Прасіў настаўнік зазірнуць у школу.

Не зазірнуў, паўз школу ідучы:

— Ну і настаўнік!

Даў жа бог назолу!

Вучыць узяўся, значыць — і вучы...

Камусьці абяцаў зрабіць паслугу.

Ды зноў падаў свой голас бюракрат:

— Дзеля каго ўвіхацца?

Хоць бы другу...

А то ж, як кажуць,

нам ні сват ні брат...

Не завітаў да хворае матулі.

— Ды часу не было. Не вінават...

А ўвечары паспеў усё ж на гулі.

І гэта ўсё адтуль жа —

бюракрат!

Не адказаў у час на пісьмы сябра,

і недзе ён маркоціцца ў журбе...

Я сам сябе,

каб мог,

за вуха ўзяў бы,

але ж балюча гэта —

сам сябе!

Бюракратызм не паддаецца лекам.

Яго знутры не вытруціш нічым,

пакуль не станеш

проста чалавекам,

нягледзячы на званне, пост ці чын.