epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Пра школьную перабудову

Ідуць справаздачы,

ідуць справаздачы

пра поспехі

школьнае перабудовы.

А хлопчык

ніяк не рошыць задачы

і піша з памылкамі

простыя словы.

І школу нібыта трасе ліхаманка.

А новае — дзе яно?

Ўсё — па-старому.

Дырэктар ляціць на паседжанне зранку,

якое зусім не патрэбна нікому.

Ні дня без інспекцый.

Ні дня без праверак.

Шчыруюць аддзелы народнай асветы.

А колькі ўжо спушчана

«зверху» паперак —

загады,

інструкцыі,

пісьмы,

анкеты.

Пытанні — адказы.

Адказы — пытанні.

Паводкай віруе

паток папяровы.

А бедны настаўнік

не спіць да світання,

каб неяк пазбегнуць

чарговай вымовы;

каб нешта прыдумаць

пра новаўвядзенні

у межах інструкцый і рэгламентацый.

А межы —

не церпяць яны парушэнняў.

Для іх адхіленні —

накшталт правакацый.

Ідуць справаздачы...

Ды што —

справаздачы?!.

Такая патрэбна нам перабудова,

каб хлопчык вучыўся

любыя задачы

адольваць у будучым

беспамылкова.