epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Прысяга

Палошчуцца ў вайсковай часці сцягі.

Камандаў рэха мкне ва ўсе канцы.

Для прыняцця Ваеннае Прысягі

пастроены бязвусыя байцы.

 

Між імі — сын мой.

Як пазнаць яго мне?

Усе яны падобны. Як адзін.

Так і са мной было.

Я добра помню.

Хоць маладзейшы быў, чым сёння сын.

 

Вайна шалела ў смертаносным шторме.

А вораг Волгі ледзь не дасягаў.

Хлапчук няголены ў матроскай форме —

я ў цяжкі час Радзіме прысягаў.

 

З тае пары нашу сваю Прысягу

у сэрцы спрацаваным. Праз гады.

А будзе трэба — і пад кулі лягу,

як клаліся сябры мае... Тады...

 

Як дзядзька родны,

паглядае ўзводны.

Хавае ўсмешку старшы афіцэр...

Зусім паблізу шэпчацца лагодна

з азяблай рэчкай стомлены аер.

 

А дожджык то прыціхне, то цярусіць.

Прасочваецца сонейка ледзь-ледзь.

І над аблокі падняліся гусі,

каб у далёкі вырай адляцець...

 

І раптам — сынаў голас: —

Прысягаю!..

Ён шчырасцю напоўнены святой.

За сорак год дарога пралягае

між гэтаю Прысягаю і той.

 

Дык хай жа больш не выпадзе такое,

што перанесці давялося нам.

Хай не парушыць на Зямлі спакою

ніхто...

Хай мірна служыцца сынам!