epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Размова у райкоме

Сакратар райкома — малады,

баявіты ў сілу маладосці:

— Дзякуй, што прыехалі сюды.

Рэдка ў нас цяпер бываюць госці...

 

— Ну, а як?..

Ён да акна прырос.

І вярнуўся. Праз адно імгненне.

— Што датычыць нежаданых доз,

болей схопіш нават на рэнтгене...

 

Я нядаўна — толькі што — з сяла...

Радуюцца людзі пераменам...

І размова шчырая пайшла

пра жыццё і пра нядаўні пленум.

 

— Ведалі пра гэта і раней...

Ды маўчалі...

бо з такой праявы...

А цяпер — балюча...

ды радней

сталі нам усёй краіны справы...

 

Сёння не адседзішся — абы...

Вось і мы... працуем — не лайдачым...

Дачакацца б новае сяўбы...

Будзем сеяць...

А далей — пабачым...

 

І зусім без суму, без тугі

ён дадаў:

— І паўжыцця аддаў бы,

каб спакойна адышлі снягі,

каб паводку вытрымалі дамбы...

 

Ну, а снегу — як назло!

Але

не нясуць надзей метэазводкі...

У райцэнтры, як і на сяле,

усё ў чаканні веснавой паводкі.