epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Рыгораўна

Не, відаць, не ўсё яшчэ агорана.

Сыну — шэсцьдзесят. А нежанаты.

Сцежкай натаптанаю Рыгораўна

клыпае з гародчыка дахаты.

 

Парсючок за сценкай сыта рохкае.

Седала абселі дружна куры.

А жыццё —

яно такое крохкае:

побач роды,

побач — і хаўтуры.

 

Колькі іх — з вайны —

калек і ўдоў яшчэ?

Менш і менш. Не варта і даводзіць.

Але ёй не час пакуль у сховішча,

скуль ніхто ўжо болей не прыходзіць.

 

Хоць, вядома, і яна — не вечная.

Развітацца некалі павінна.

Там ужо даўно сястра стрыечная,

што была як родная,—

Куліна.

 

Разам з ёй часінаю галоднаю

леташнюю бульбачку капалі.

Разам з ёй у вечары пагодныя

запявалі песні на купаллі...

 

Да сястры б...

Дык хто ж тут паклапоціцца

сёння пра апошнюю абноўку?

Па шчацэ сляза міжвольна коціцца —

сын паехаў у камандзіроўку.

 

То на Поўдні ён, а то на Поўначы.

І калі ж адчуе ўрэшце стому?

Але ўсё ж,

яе, старую, помнячы,

адусюль вяртаецца дадому.

 

Прылягла. Сышліся вейкі зморана.

Змрок паўзе пад вокны па аерах.

Сніцца ёй, нібыта ноччу зорнаю

ніцаю вярбой сышла на бераг.

 

Месячык дарожку ёй высвечвае.

Вісне хмарка зношаным каптанам.

Як тады, калі яны за Вечалле

хлеб сялянскі неслі партызанам.

 

Міг падчас, нібы стагоддзе, выбеліць.

І яна імгненна пастарэла,

калі цудам удалося выбавіць

ёй падлетка-сына з-пад расстрэлу.

 

І не дзіва, што дасюль ёй мроіцца

цяжкі год варожае блакады.

Раны сэрца вельмі доўга гояцца,

і не мае час над імі ўлады...

 

Прахапілася.

Нібыта клямкаю

нехта бразнуў...

Не. Здалося. Ціша.

Толькі ветрык над маўклівай брамкаю

вецце перасохлае калыша.

 

Сном начным усё наўкол агорнена.

Ані крокаў з вуліцы, ні гукаў.

«Пачакаю,—

думае Рыгораўна,—

можа, дачакаюся і ўнукаў.

 

Сын прыедзе — ўсё адразу зменіцца.

Годзе гойсаць па далёкіх светах.

Завітае, можа, і пляменнічак,

той, што ў Мінску служыць —

у паэтах».