epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Сцяна Камунараў

(З парыжскіх уражанняў)

 

 

Сцяна Камунараў.

На Пер-Лашэз.

Сухое дрэва,

нібы пратэз,

самотна рыпіць

і восенню і вясною.

Ды сон непарушны

у тых,

хто спіць

пад сцяною

адвечным сном.

Хто з куляй у скроні,

а хто ў плячы

ляжаць па сёння

з тае начы —

апошняй начы Камуны.

Упокат

усіх,

як адну сям’ю,

паклалі іх

проста ў зямлю,

а не ў труны.

Бо дошак

для трун

не хапіла б.

Сцяна Камунараў.

Сцяна —

прастрэленая,

ды жывая.

Колькі смяротных удараў

яна

прыняла на сябе

ў тую ноч?

Ды жывая!

Жывая,

бо ў ранах сваіх хавае

памяць

для нас,

для жывых...

Сцяна Камунараў.

На Пер-Лашэз.

На шэрым камені —

белы бэз.

Сцяна Камунараў.