epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Справы выдавецкія

Дырэктар
Галоўны рэдактар
Загадчык рэдакцыі
Рэдактар
Мастацкі рэдактар
Тэхнічны рэдактар
Карэктар
Аўтар


Дырэктар

Тыражы... Лісткі-адбіткі...

План ляціць... Гараць прыбыткі...

Выйсця лепшага няма:

Запускаем зноў Дзюма!

 

 

Галоўны рэдактар

Сядзіць, задумаўся галоўны:

Шуфляды рукапісаў поўны.

Ці выйдзе кніга, ці не выйдзе —

Што скажуць потым у Камвыдзе?..

 

 

Загадчык рэдакцыі

Нарэшце здадзен план усё-ткі

Аж да наступнай пяцігодкі.

Ды не прыйшлі спакой і ціша:

А што, як аўтар не напіша?..

 

 

Рэдактар

Глядзіць рэдактар заклапочана,

Алоўка круцячы абмылак.

Што ні кажы, чым больш скарочана,

Тым меней месца для памылак.

 

 

Мастацкі рэдактар

Круціць гэтак, круціць так

У руках макет мастак.

Тэксту шмат. А дзе ратунак?

Не ўціскаецца малюнак!..

 

 

Тэхнічны рэдактар

Пералічыўшы гранак гронкі,

Адным ён заклапочан шчыра:

Хто б дапісаў хоць паўстаронкі

Ў апошні том «Вайны і міру»?

 

 

Карэктар

Вочы струджаны да стомы.

Кропак, косак не відаць...

Вось каб аўтару самому

Гэткі рукапіс чытаць!..

 

 

Аўтар

Ты, браток, не Леў Талстой?

У чарзе тады пастой!

І надзённы твой раман

Трапіць з цягам часу ў план.