epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Сумленне

Я сам сябе суджу сваім сумленнем.

Без скідкі.

Па-партыйнаму суджу.

А з партбілета

пазірае Ленін.

Усё ён бачыць.

Што яму скажу!

Ці ўсюды і заўсёды быў я шчырым?

Ці аддаваў другім усё, што мог?

А мо,

падхоплены будзённым вірам,

і лішнім карыстаўся пад шумок?

О не!..

Калісьці бачыў пасля бою

я куляю прабіты партбілет.

Равеснік мой ахвяраваў сабою,

каб мы праклалі ў будучыню след.

А партбілет застаўся

напамінам

не толькі пра адважнага байца —

гаворыць ён,

што кожны з нас павінен

выконваць абавязак да канца.

Я помню.

Не забуду аніколі.

Я гэта ўсё ўвабраў сабе ў душу.

Як той баец,

што лёг па ратным полі,

свой партбілет ля сэрца я нашу.

А з партбілета

пазірае Ленін.

Мы ўсю дарогу —

з ім,

пры ім,

за ім.

Ён для майго народа

стаў сумленнем.

Ён стаў навек сумленнем і маім.