epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Суседаў сын вярнуўся.

Суседаў сын дамоў з Афганістана

вярнуўся...

На руках — загару медзь...

Я ні пра што дапытвацца не стану.

І па вачах няцяжка зразумець,

што перажыў ён...

След нядаўняй смагі

яшчэ не сцёрся ў зрэнках назусім.

Ды і медаль —

як сведчанне адвагі —

гаворыць многа воінам былым.

Шрамок сінее ледзь

ля самай скроні...

Начэй бяссонных цёмныя кругі...

І мазалі,

што ўеліся ў далоні,

якім па сіле танка рычагі...

Сусед бядуе:

— Ён не спіць начамі...

Не спіць аж да світальнае пары...

І ўсё глядзіць асохлымі вачамі

туды,

дзе бой вядуць яго сябры...

І нам, суседзе, гэта ўсё знаёма.

З гадамі не забылася ані.

Пасля вайны,

вярнуўшыся дадому,

мы засынаць не ўмелі ў цішыні.

Хоць міма ўсе асколкі праляцелі,

ён не забудзе той пякельны вір:

у гор падступных

нібы на прыцэле

даліна перасохлая Пандшыр...

На той зямлі неразгаданых казак,

дзе не адзін сабрат у прысак лёг,

інтэрнацыянальны абавязак

выконваў ён па-воінску. Як мог.

Дасюль ён чуе,

як скрыгочуць танкі,

як б'юць гарматы ў тысячы грамоў...

Не налівай...

Схавай, суседзе, шклянкі.

Яшчэ не ўсе вярнуліся дамоў.