epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Тутэйшыя

Тутэйшыя.

Нязменныя.

Карэнныя.

Як валуны.

Як волаты каменныя.

Як сосны —

ў неба,

як і ў глебу,

ўрослыя.

Як травы —

то засмяглыя,

то росныя.

Як жыта —

то вясёлае,

то кволае.

Як шлях — умяты

пятамі

і коламі.

 

Іх студзяць маразы.

І завірухі

ўшчуваюць іх.

Як цешчы.

Ці свякрухі.

Залевы іх сякуць.

І спёка паліць.

І крыўда незаслужаная джаліць.

І сціплыя.

І быццам бы нясмелыя.

Яны — майстры.

І хлебадайцы ўмелыя.

І перад самай страшнаю навалаю

яны ўстаялі.

Мужныя.

Трывалыя.

Нішто для іх

не згублена,

не страчана.

Ні спадчына.

Ні мова.

Тая.

Матчына.

Малодшыя.

Сярэднія.

Старэйшыя.

Карэнныя.

Нязменныя.

Тутэйшыя.