epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

У верасні

Паверылася ў верасні,

што зноў сустрэў вясну.

Здалося, шчасце вернецца,

падобна сну.

Падобна сну,

што некалі

ўжо сніўся мне.

Снягі сплывалі рэкамі

зусім не ў сне.

Была не сном, а яваю

пачуццяў навіна.

Яскравая,

ласкавая

ішла вясна.

Я ведаю, здараецца:

сон з явай — ва ўнісон.

Чаму ж не паўтараецца

даўнейшы сон?

А дні за днямі гоняцца.

Супынку ім няма.

І сон не ў сон — бяссонніца.

І хутка ўжо зіма.