epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Вёска Возера

Зноў завітаў у вёску Возера.

Душой да Міншчыны прыкут.

Відаць, пайшла прырода з козыра,

калі стварала гэты кут.

 

І чалавек

з сардэчнай рацыі,

хоць ён, вядома, і не бог,

і розумам сваім і працаю

як мог

прыродзе дапамог.

 

Ён шчыраваў з прыродай зладжана.

Браў у яе.

Ёй нешта нёс.

І нерастуе рыба ў сажалцы.

І лес грыбніцаю прарос.

 

Дадому выбраўся запознена.

А на душы ў мяне чысцей.

Жыві, мацуйся,

вёска Возера!

І не знікай.

І не пусцей.