epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Волаты

Ці сонейка ззяе, ці ткуцца туманы,

ці белыя веі абсяг замялі,—

два волаты слаўныя,

два веліканы

стаяць непарушна на роднай зямлі.

У неба высокае ўзняты галовы —

вышэй стогадовых ялін і дубоў.

У вуснах застылі няўвядныя словы

пра вечную да Беларусі любоў.

Застылі!

О не!

Я іх чую!

Я чую!

І сэрцам і розумам чую штодня...

А недзе

між зорак

зямляк наш качуе —

бліжэйшая

волатам нашым

радня.

Любімую кнігу гартаючы звычна,

уголас ён вершы чытае ўгары.

І роднае слова

з вышыняў касмічных

вяртаецца зноў у палі, у бары,

у вёскі і сёлы, на плошчы і ў скверы

сталіцы, да будучых станцый метро...

І поўніцца сэрца

той самаю верай,

якая вадзіла паэтаў пяро.

І ў лопанні крылаў,

што бусел для ўзлёту

узняў над буслянкай,

і ў звоне касы,

і ў шолаху жыта,

і ў шуме лістоты

мне чуюцца, чуюцца іх галасы.

Яны адгукаюцца ў гудзе камбайна.

Яны абмываюцца ў чыстай расе.

Іх Нёман люляе, і ціхая Гайна

у далеч гадоў іх ашчадна нясе.

Іх чуюць бліжэйшыя нашы суседзі,

іх чуюць далёкія нашы браты.

І з гонарам скажаш,

куды ні паедзеш,

што ў гэтым краі нарадзіўся і ты.

Яны

у адзіны

зліваюцца голас,

каб іх перуны заглушыць не змаглі...

Жывуць два асілкі —

Купала і Колас,

жывуць паміж намі

на роднай зямлі.