epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Выгнанне Рагнеды

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10


Паэма

 

1

Галубоў

з сучаснага Заслаўя

у часы мінулыя паслаў я.

 

Дзе ж вы,

дзён забытых паштары?

Колькі раз

пад стукат электрычкі

рассякалі цемру ліхтары

і знікалі ў цемры,

нібы знічкі.

 

Маладзік ад Лысае гары

моўчкі плыў да Замкавае вежы.

Маладзік і вежа —

два сябры,

што вякоў адолелі бязмежжа.

 

Зоркі — зерне вечнае сяўбы —

падаць пачалі ўжо з небасхілу.

І тады зашамацелі крылы

і завуркаталі галубы...

 

 

2

Над Кіевам стольным

ніводнае хмары.

У звоне застольным

сыходзяцца чары.

 

З якое прычыны

сыходзяцца чары

пад тлум несупынны,

нібы на базары?

 

З якое прычыны

ўвесь Вышгарад тоне

у спевах дружыны,

у шуме ды звоне?

 

Сыходзяцца чары

без ладу-парадку.

А ў князя на твары

не ўсмешка —

загадка.

 

Гуляе дружына,

як б'ецца —

з пляча.

Брыво ў князя гнецца

крылом крумкача.

 

Чупрына —

як хмара, дзе гром выспявае.

Рагоча дружына,

дружына спявае.

 

Бо колькі —

не вымераць! —

выбіта донцаў

за Уладзіміра —

Краснае Сонца.

 

А ў Краснага Сонца,

у Сонейка Краснага

вочы,

як неба ў палонцы,

праяснены.

 

Вочы — світанак,

што ўгледзеўся ў тонь,

покуль маланак

не выспеў агонь.

 

Дрэмле агонь

пад крылом крумкача,

покуль далонь

не рванула мяча...

 

Заходзяцца чары,

звіняць залатыя.

А князевы мары

даўно ў Візантыі.

 

Звіняць залатыя,

ім стукат не шкодзіць...

У Візантыю паслоў

ён праводзіць.

 

Да неба ўзнімаецца

гоман бяседы.

І не спяшаецца

князь да Рагнеды.

 

Да той да Рагнеды,

каханай і мілай,

якую здабыў ён

гвалтоўнаю сілай.

 

Якую здабыў ён крывёй і пажарам,

жыцця не даруючы многім ахвярам.

 

Якую ён вырваў,

як з бору сасонку...

Ды іншую выбраў

нядаўна ён жонку.

 

І дзеля яе —

візантыйскай красуні

ён высушыць моры і горы рассуне

 

Няхай толькі тыя,

каго ён праводзіць,

уладару Візантыі

дагодзяць.

 

Няхай улагодзяць

дарамі царэўну...

А чары па крузе ўжо ходзяць

няпэўна.

 

А чары няпэўна

па крузе ўжо ходзяць...

Не патаемна

паслоў ён праводзіць.

 

Хай чутак аматарам

сёння не спіцца:

ён з імператарам

будзе радніцца!

 

Ці добрая лада

з замежнае павы?

Усё -

дзеля ўлады

і дзеля дзяржавы!

 

Паслы павязуць

і рашучыя словы,

што веру Хрыстову

прыняць ён гатовы.

 

Не з самалюбства —

уладзе ў дагоду

змяце ён

як глупства

багоў свайго роду.

 

Хай гэта,

як звада,

суседзяў трывожыць.

Ўсіх ён

уладай

сваёю стрыножыць.

 

Так трэба!

Так трэба!

Так трэба —

і годзе!

Няхай нават неба

з ім будзе не ў згодзе.

 

А мёд — без уліку.

Гарланіць няспынна

у гонар Вялікага

Князя дружына.

 

 

3

Шмат выпала гора

на долю Рагнеды.

Якія

чакаюць

наперадзе беды?

Якія чакаюць

наперадзе беды,—

маўчаць,

не гавораць ёй

вешчыя веды.

 

Блукае княгіня

па змрочным пакоі,

нібы па пустыні,—

няма супакою.

 

Блукае княгіня.

Заплаканы вочы.

А думкі —

аб сыне,

аб долі сірочай.

 

Ён спіць так спакойненька

васьмігадовы,

бярозкай у хвойніку —

русагаловы.

 

Бярозкай у хвойніку —

русагаловы.

Ці ўбачыць ён сонейка

з цёмнае сховы?

 

З той цёмнае сховы,

куды іх закінуць...

— Спі,

русагаловы,

не дам табе згінуць!

Не дам табе згінуць

ад чорнае змовы,

не дам,

мой адзіны,

мой русагаловы!..

 

Нібы па пустыні,

блукае княгіня.

Не згіне сыночак,

званочак

не згіне!

Насуперак князю

ён вырасце князем!..

А сэрца —

як вязень.

Як змучаны вязень —

ад крыўды,

ад жаху...

Нібыта з пагорка,

па стромкаму даху

скацілася зорка.

 

Скацілася зорка

пагаслаю доляй.

Як цяжка!

Як горка!

Не вытрываць болей...

 

А з цемры,

як з твані

ці з хмары-пачвары,

узніклі,

як здані,

знаёмыя твары.

 

 

4

Абліччы забітых,

але не забытых,

крывёю залітых

ад ранаў адкрытых —

выразней малююцца

прагнаму зроку,

хоць і не чуецца

пошчаку крокаў.

 

Іх трое.

Старэйшы —

ў прабітых даспехах —

спытаўся,

а голас —

як даўняе рэха:

— Ці нас ты пазнала, Рагнеда?

— Рагнеда

астатнія двое прамовілі следам.

 

Яна іх пазнала!

Пазнала!

Пазнала!

Хоць часу з тых дзён прамінула нямала.

 

Вось татачка родны!

А побач — браты.

Пакутай смяротнай

скажоны раты...

 

— Прыйшлі мы,

дачушка,

сюды пехатой,

устаўшы з магіл над ракой Палатой...

 

— Я помню!

Дзяўчынкай па той Палаце

я разам з братамі плыла на плыце.

 

Абапал,

у мроіве летняй смугі,

ад кветак і траў стракацелі лугі.

 

З пагоркаў,

мядзяных у промнях зары,

як дружнае войска, збягалі бары.

 

Там, дзе Палата абнялася з Дзвіной,

наш замак стаяў за барвяной сцяной...

 

— Наш замак счарнеў, як зімовае голле.

Развеяўся попел. Астыла вуголле.

Я — полацкі князь,

бацька твой — Рагвалод —

яго бараніў ад раптоўных нягод.

Я праг Уладзіміру голаў ссячы,

ды курчыўся сам на ягоным мячы...

 

— Я помню!

Я помню!

Той жах

не ачах!

Было гэта ўсё

у мяне на вачах...

 

— Ды бацька ў той дзень —

не адзіная страта,—

пачуўся ёй голас старэйшага брата.—

Я ў бойцы няроўнай паранены быў.

Знайшоў Уладзімір мяне і дабіў...

 

— Я помню!

Я помню!

Той жах

не ачах!

Было гэта ўсё

у мяне на вачах...

 

— І гэта — яшчэ не апошняя страта,—

пачуўся ёй голас малодшага брата.—

Я здацца не мог на пакуты і здзек.

Мне грудзі Ўладзімір надвое рассек...

 

— Я помню!

Я помню!

Той жах

не ачах!

Было гэта ўсё

у мяне на вачах...

 

Мне б з вамі падацца па чорнай дарожцы...

Нашто мне жыццё дараваў пераможца?!

Нашто па часіне

крывава-чырвонай

я стала княгіняй

і жонкай ягонай?!

 

— Паслухай, дачушка...

— Паслухай, сястрыца.

— Хацелі б мы доляй тваёй ганарыцца...

 

Хіба ён кахаў —

гвалтаўнік ашалелы?

Не!

Вока паклаў

ён па нашыя ўдзелы.

А зараз,

каб чорныя здзейсніць намеры,

адмовіўся ён ад бацькоўскае веры.

 

Ні жонцы,

ні сыну ён

болей не рады.

А ўсё —

праз адзіную

ўласную ўладу!

 

Была ты князёўнаю,

стала княгіняй.

Няўжо дажываць табе век свой рабыняй?

Ды ты ж палачанка!

Ды ты ж крывічанка!

Ты вольная птушка,

а не паланянка!

 

Адпомсці за нас

і ўратуй свайго сына.

Рагнеда —

ўжо час!

Ты павінна!

Павінна!

Па волі ягонай гніюць нашы косці.

Адпомсці,

Рагнеда!

Адпомсці!

Адпомсці!

 

А сэрца ў княгіні —

як змучаны вязень:

— Не! Сын не загіне!

Ён вырасце князем!

 

Ён вырасце князем!

Не звяне!..

Але

расталі крывавыя здані

ў імгле.

 

 

5

У крыўдзе вялікай,

у горы ды злыбедзе,

як чорная лебедзь,—

Рагнеда на Лыбедзі.

Як чорная лебедзь,

самотная лебедзь...

Ці паспагадае Рагнедзе хто-небудзь ?

 

Прыславін — не Полацак.

Змрок і слата.

І Лыбедзь пад Кіевам — не Палата.

 

Якая спагада?

Хто скажа што-небудзь

ва ўцеху?

Маркоціцца чорная лебедзь.

 

Сляза,

як крывінка,

гарыць на шчацэ.

А ў князя —

чужынка на левай руцэ.

 

У князя —

чужынка на левай руцэ.

А чорная лебедзь адна на рацэ...

Нянавісць, як полымя, вочы ён слепіць.

У сэрца паранена чорная лебедзь...

 

 

6

Ні клямка,

ні брамка

не бразне.

Як вымер

дзядзінец.

Па замку

блукае Ўладзімір.

 

Блукае па замку зубром-адзінцом.

А зорка ў байніцы ліпіць каганцом.

Ліпіць каганцом, што над Лыбедзю недзе

і слёзы і гора вяшчуе Рагнедзе.

 

Рагнеда...

Рагнеда...

І сёння яна

адна

ў яго сэрцы.

Як сэрца. Адна.

 

Усё ў яго ёсць. І багацце. І слава.

Яднаецца верай адзінай дзяржава.

Рукою магутнай мацуецца ўлада.

І радасна быццам.

А сэрца — не рада.

А сэрца не рада.

Бо з сэрца без следу

не вырваць,

не вырваць,

не вырваць Рагнеду!

 

Спіць Ганна спакойна ў пуховай пярыне.

Чаго турбавацца вялікай княгіні?

Яна —

візантыйскай падтрымкі зарука.

Ды з ёю — нуда. І такая дакука!..

Не можа забыць Уладзімір Рагнеду.

— На Лыбедзь!

На Лыбедзь!

На Лыбедзь паеду!..

 

Ён выбег у цемру. І крыкнуў:

— Каня!..

Дружына — за ім. Як начная гайня.

 

Па плошчы, па вулках грымяць капыты.

Гудуць, як бязладныя бубны, масты.

І людзі спрасонку

завалы наспех

абмацваюць:

— Ці не варожы набег?!.

 

Не ў сечу,

не ў бой

скача князь — у адведы

да ім жа адрынутай любай Рагнеды.

 

 

7

Заснуў Уладзімір.

Ён нават і ў сне

суровы:

крані — і маланка блісне.

Маланка блісне з навальнічнае хмары.

Заснуў.

Уладарная ўсмешка на твары.

 

Заснуў.

А Рагнедзе ніяк не заснуць.

Пакутныя думкі снуюць і снуюць.

 

Яна для яго — як бязмоўная рэч.

На ўсё — яго воля.

Не плач. Не пярэч.

Не плач.

Не пярэч.

Толькі ў вочы глядзі.

Пяшчотай і ласкай суцеш, дагадзі.

 

Суцеш.

Дагадзі яму.

Ласкай.

Пяшчотай.

Ды як?

Калі спее нянавісць употай...

 

У небе,

рассекшы блакітны туман,

узнік

маладзік,

як крывы ятаган.

І ціха нашэптвае ёй, што рабіць:

— Спіць князь Уладзімір?

Няхай сабе спіць.

Няхай сабе спіць. І ніколі не ўстане...

Ёй зноў уявіліся родныя здані.

— Няхай сабе спіць...

І не ўстане...

Ніколі...

Ты чуеш, Рагнеда?

Даволі!

Даволі!..

 

І зноў — цішыня. Аж баліць галава.

Ледзь чутна кігіча за рэчкай сава.

Кігіча за рэчкай.

Ледзь чутна кігіча.

Нібыта за Лыбедзь у лес яе кліча.

За Лыбедзь!

Каб след загубіўся ў трысці.

Каб князевым служкам яе не знайсці.

 

Яна пад падушкай намацвае зброю:

— Ніхто не пачуе начною парою...

Ніхто не пачуе...

Спяць князевы слугі...

Над сэрцам у князя —

ніякай кальчугі...

 

Узмах!..

Але здрадна рука задрыжала,

адчуўшы кінжала

халоднае джала.

 

І князь прахапіўся.

І з сілай такой

кінжал адшпурнуў сваёй дужай рукой,

што той бліскавіцай

у кут адляцеў

і над масніцай

струной затрымцеў.

 

Рагнеда, як поўня на золку, збялела.

Ды смела

Уладзіміру ў вочы глядзела.

Ні страху,

ні просьбы ў гарачым паглядзе.

Нянавісць!

Нянавісць!

Як воўк у засадзе.

 

І кпязевы бровы

сышліся сурова.

Ён выйшаў,

не кінуўшы ёй ані слова.

 

 

8

— Закувай, зязюлечка,

закувай.

Ці прыйшоў жыццю майму

самы край?..

— Ой, не буду, не буду

варажыць.

Можа, і да дня табе

не пражыць...

— Ты скажы мне, ластаўка,

з вышыні:

Ці не едзе смерць мая

на кані?

— Шабляй маша смертухна,

як касой.

Здыме галаву тваю

ды з касой.

— Ой, саколе-сокалу-

сакале!

У цябе змяшчуся я

на крыле.

— Вынесці б я мог цябе

да святла.

Ды ў крыло наведзена

мне страла...

— Папрашуся у рыбачкі,

ў асятра,—

ці мяне не вынес бы

да Дняпра?

— Пераплыў бы я з табой

вір круты.

Але там расстаўлены

нераты...

— Ах, Пяруне-божухна,

Перуне!

Што ж ты не заступішся

за мяне?

Мы ж табе адданыя

век былі.

Спапялі адступніка,

спапялі!

— Як жа спапяліць яго,

лада, мне?

Хваляй захлынаюся

сам на дне.

І Ярыла мокне тут,

і Дажбог.

А нямаш ні выйсця нам,

ні дарог...

 

 

9

Сабе —

не камусьці —

Рагнеда спявала.

А сонца з-за вала

памалу ўставала.

А сонца ўставала

з-за стромкага вала.

І бразнула раптам на брамцы завала.

І сам Уладзімір ступіў на парог.

Засоп, як мядзведзь,

што пакінуў бярлог

яшчэ да вясны. Недасланы мядзведзь.

Крый божа у пушчы такога сустрэць.

Прамовіў:

— Прыйшоў я,

каб здзейсніць прысуд

А твар —

нібы з медзі застылае скут.

— На гібель цябе асудзіла дружына

за здраду.

Ты зараз памерці павінна!..

 

Рука ашчапіла дзяржальна мяча.

Вось-вось секане.

Як у бойцы.

З пляча.

Ды тут,

хоць не клікаў ніхто і не зваў,

Убег у святліцу іх сын. Ізяслаў.

Устаў паміж імі.

Малы чалавечак.

І выхапіў з похваў свой лёгенькі мечык.

Той мечык,

што бацька з паходу прывёз

яму ў падарунак.

Каб воінам рос.

 

— Лепш,

татка,

не крыўдзі матулю маю!

Бо я за матулю

гарой пастаю!..

І князь нечакана зайшоўся ад смеху:

— Ну й слаўны сыночак

расце мне на ўцеху!

Гатовы стаяць за матулю гарой?

Вось гэта асілак!

Вось гэта герой!..

На рогат ягоны прыбегла дружына.

Якая для радасці ў князя прычына?

Аж чуюць:

— Удаўся і ў бацьку і ў дзеда!

За гэта

дарую табе я,

Рагнеда,

жыццё!..

А тады загадаў без вагання:

— Княгіню ў выгнанне!

І сына ў выгнанне!

Ім замак узвесці

ў зямлі крывічоў,

каб стаў ён апорай

для нашых мячоў!

А горад,

што там заснаваць давядзецца,

няхай Ізяслававым імем завецца...

 

 

10

 

Маладзік

ад Лысае гары

зноў плыве да Замкавае вежы.

Маладзік і вежа —

два сябры,

што вякоў адолелі бязмежжа.

Галубы

ладкуюцца на ноч

у падстрэшшы,

ў ціхім вуркатанні

чую:

— Калі ласка,

не суроч

недаверам даўняе паданне...

 

Зоркі — зерне вечнае сяўбы —

пачынаюць падаць з небасхілу.

І заціхла шамаценне крылаў,

і паснулі ў стоме галубы.

 

Раптам бачу

(Ці здалося мне?

Гэткае магло хіба прысніцца!)

...у высокім вежавым акне

белы твар выгнанніцы-чарніцы.

 

Праз гады —

праз тысячу гадоў

пазіраюць здзіўленыя вочы

на тугія струны правадоў,

на агні электрапаяздоў,

што на скібы крояць цемру ночы.

 

І ў паклоне

я схіліўся нізка

у былога з новым на мяжы:

— Беларусь!

Жыцця майго калыска

Пра сябе як болей раскажы.

Раскажы!

Як болей!

І дазволь

падзяліць з табой

твой даўні боль.

 

 

 

 

Мінск — Заслаўе — Лысая гара

1979—1988