epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Выпіў чарку, выпіў дзве...

Маладых прывёз Антон

з загса на вяселле.

— Не вазьму,—

пакляўся ён,—

ані кроплі зелля!..

Мне ж садзіцца зноў за руль,

ехаўшы дадому...

Ажно чуе —

«буль-буль-буль»

і — прымус знаёмы.

Заспяваў сяброўскі хор,

звонячы ў кілішкі:

— Ты ж такі, браток, шафёр,

што глыток —

не ў лішкі!..

Ты ж, Антоне, не з такіх,

скажам гэта прама,

каб пакрыўдзіць маладых

і бацькоў таксама!..

Ласку нам зрабіў бы ўсім,

і пра што гаворка!..

А тым часам

маладым

загукалі «горка».

І не вытрымаў Антон

дружнага прымусу,

бо і сам адчуў

здавён

знаную спакусу.

Выпіў чарку,

выпіў дзве,

перайшоў да шклянкі...

Зашумела ў галаве,

бы ў чыжа з Фантанкі.

Танцаваў...

Спяваў...

І скуль

смеласць узялася!

Ухапіўся зноў за руль

ён па нейкім часе.

Што там горад!

Цэлы свет

з’ездзіў бы без зморы...

І яму глядзелі ўслед

сумна святлафоры.

Бачыць раптам —

як назло!

на рагу,

ля сквера

паласатае жазло

ў міліцыянера.

Тут чамусьці з боку ў бок

завілялі колы...

— Стоп!..

Вылазьце!..

— Э, браток,

вы ж як след «вясёлы»!

Захмялелі гэтак вы,

пэўна, не з вадзіцы...

У кішэнь схаваў правы,

сам за руль садзіцца...

Пешкі клыпае Антон

у ДАІ з пахмелля.

І яму,

як кажа ён,

горка й без вяселля.

Што той штраф!

Такой бяды.

Сум з таго ў паглядзе,

што цяпер

аж два гады

ён за руль не сядзе!