epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Запаветны колер

Мастаку Ю. Пучынскаму

 

Хапугамі ды скнарамі

мы не былі ніколі —

шукалі паміж фарбамі

той —

запаветны —

колер.

 

І па-студэнцку пляжылі

нажытак свой няхітры...

Ах, маладыя ўражанні —

стракатыя палітры!

 

Мастацкае вучылішча...

Пленэры каля Віцьбы...

Усіх, вайной панішчаных,

нам сёння ажывіць бы.

 

Якія фарбы —

верыцца —

палеглі б на палотны!..

Не ўзнімуцца.

Не вернуцца,

пайшоўшы беззваротна.

 

Не ўзнімуцца.

Не вернуцца.

Не зрушаць абеліскі.

Мы памяццю ім верныя

заўжды.

Як самым блізкім.

 

І нас вялі

салдацкія

дарогі і віхуры

ў акопы сталінградскія,

на сопкі пры Амуры.

 

Нам, хлапчукам няголеным,

адкрылася замнога:

крыві чырвоным колерам

палае Перамога.

 

З тае пары

астатнія

пабляклі ўсе калёры,

бо кроў фарбуе братняя

світанкі, ранкі, зоры.

 

І восень,

нашай вуліцай

шыбуючы ў наўколле,

на лісце

не шкадуючы

кладзе чырвоны колер.