epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Завошта?

Гарадскія могілкі ў Дзяржынску.

Сумна мне між сваякоў хадзіць.

...З фота на бялюткім абеліску

на мяне зусім хлапчо глядзіць.

 

Ні адной адзнакі на пагонах.

Цельнік. І дэсантніка берэт.

Па шчаках, як досвітак, ягоных

брытва свой не пакідала след.

 

Пахаванку доўга несла пошта.

А тады — труна. Адтуль. З-пад гор.

Ён усё пытаецца:

— Завошта?

Ён усё пытаецца:

— Навошта?

А ў вачах —

здзіўленне.

І дакор.

 

Мірны час...

А боль?

А кроў?

А страты?

Мірны час,

а ўсё — як на вайне...

Я маўчу.

Нібыта вінаваты,

што вярнуўся мой зямляк дахаты

з тых краёў

у цынкавай труне.